Контакты

По всем вопросам 
обращайтесь: ул. Советская, 18,       корпус 2,

каб. 211, 212

Телефоны:   (+375 17) 311-22-16, внутренний 211;

(+375 17) 311-22-15 (зав. каф.) внутренний 212

e-mail:  Lingva2006@bspu.by

 

События

XV Міжнародны сербалужыцкі семінар

2017-10-21

Ва ўсходняй частцы сучаснай Германіі кампактна пражываюць дзве славянскія этнаграфічныя групы – верхнелужыцкія сербы (федэральная зямля Саксонія) і ніжнелужыцкія сербы (федэральная зямля Брандэнбург). Згадкі пра лужыцкіх сербаў (Surbii або Sorbi) сустракаюцца нават у лацінамоўных хроніках ранняга Сярэднявечча, а пад назваю венедаў або вендаў (Venedi, Vendi) іх упаміналі яшчэ Герадот і Пліній Старшы.
Мова, традыцыі і культура лужыцкіх сербаў падтрымліваюцца і вывучаюцца не толькі самімі прадстаўнікамі гэтай этнічнай супольнасці, але таксама славістамі ва ўсім свеце.
12–14 кастрычніка 2017 г. прафесар кафедры замежных моў БДПУ Жанна Вацлаваўна Некрашэвіч-Кароткая прыняла ўдзел у XV Міжнародным сербалужыцкім семінары, які праходзіў у Львове. Арганізатарамі семінара былі кафедра славянскай філалогіі Львоўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Івана Франко, а таксама Сербскі інстытут (Sorbisches Institut) у г. Будзішыне (Bautzen).  У рабоце семінара прымалі ўдзел вучоныя-гуманітарыі з Украіны, Польшчы і Германіі. Ж. В. Некрашэвіч-Кароткая была адзінай прадстаўніцай ад Беларусі.
Трэба адзначыць, што ў беларускай гуманітарнай навуцы сербалужыцкія штудыі прадстаўлены дастаткова сціпла. Фактычна, адзіным спецыяльным даследаваннем з’яўляецца кніга прафесара Полацкага ўніверсітэта А. А. Гугніна “Верхнелужицкая литература в эпоху национального возрождения” (Новаполацк 1995).
Ж. В. Некрашэвіч-Кароткая выступіла на семінары з дакладам на тэму “Мастацкія алегорыі абраду Ptači kwas / Ptaškowa swajźba  і традыцыя звярыных гратэскаў у паэтычнай культуры славянскіх народаў”. Дакладчыца звярнула ўвагу на тое, што абрад “птушынае вяселле”, які адзначаецца лужыцкімі сербамі 25 студзеня і тыпалагічна можа быць супастаўлены з абрадамі гукання вясны ды заклікання птушак у іншых славянскіх народаў, мае дастаткова важнае тэкстава-вакальнае суправаджэнне, найперш у выглядзе вядомай песні “Hlejće, nowa wěc so stała” (“Гляньце, учынілася новая справа”). Уласна абрадаўтваральная ідэя птушынага вяселля напрамую звязана з адпаведнай народнай традыцыяй даўніх германцаў (Vogelhochzeit). Аднак паводле сэнсавага напаўнення мастацкіх тэкстаў, што суправаджаюць абрад Ptači kwas, прасочваецца тыпалагічная сувязь з так званымі звярынымі гратэскамі, прадстаўленымі ў пісьменстве славянскіх народаў. Калі гаварыць пра беларускую літаратуру, то найбольш яркім прыкладам такога твора з’яўляецца верш “Да ўчыніў верабей на прыпечку жніва”, аўтарства якога прыпісваецца ксяндзу-езуіту Дамініку Рудніцкаму (1676 – 1739). Сам жа абрад птушынага вяселля ў лужыцкіх сербаў паступова трансфармаваўся ад чыста паганскага, звязанага з гуканнем вясны і закліканнем птушак, да больш складанай формы культурна-выхаваўчага нацыянальнага дыскурсу, насычанага элементамі хрысціянскай культурнай парадыгмы.