Контакты

По всем вопросам 
обращайтесь: ул. Советская, 18,       корпус 2,

каб. 211, 212

Телефоны:   (+375 17) 311-22-16, внутренний 211;

(+375 17) 311-22-15 (зав. каф.) внутренний 212

e-mail:  Lingva2006@bspu.by

 

События

Навуковы семiнар “Гiсторыя лiтаратуры Беларусi” (Германiя)

2015-11-18

5, 6 і 7 лістапада 2015 г. у г. Ольдэнбургу (Германія, Ніжняя Саксонія) адбыўся навуковы семінар (workshop) на тэму “Гісторыя літаратуры Беларусі”, у якім прынялі ўдзел як сталыя, так і маладыя літаратуразнаўцы з Беларусі і Германіі, а таксама студэнты Інстытута славістыкі Ольдэнбургскага ўніверсітэта. Арганізатарамі семінара сталі прафесар Ольдэнбургскага ўніверсітэта Гун Брыт Колер і дацэнт кафедры беларускай літаратуры і культуры БДУ Павел Навуменка. Да ўдзелу ў навуковым семінары ў Ольдэнбургу была запрошана, сярод іншых, прафесар кафедры замежных моў БДПУ, доктар філалагічных навук Жанна Вацлаваўна Некрашэвіч-Кароткая, якая ў свой час (у 2010 годзе) знаходзілася на навуковай стажыроўцы ў Ольдэнбургскім універсітэце.

         У першы дзень вядомы спецыяліст у галіне параўнаўчага літаратуразнаўства Галін Ціханаў (Лондан) выступіў з дакладам «“Малыя” літаратуры: неабходны перагляд». Кароткія паведамленні па ключавых метадалагічных праблемах зрабілі студэнты Ольдэнбургскага ўніверсітэта. У другой палове пасяджэння былі заслуханы даклады ўдзельнікаў беларускай дэлегацыі. Ж. В. Некрашэвіч-Кароткая выступіла з дакладам “Элітарнасць, вучонасць, дэмакратызм як вызначальныя вектары літаратурнага жыцця на Беларусі ў XVIII стагоддзі”.

         У другі дзень пасяджэнняў былі абмеркаваныя ключавыя праблемы, звязаныя з задачай стварэння новай гісторыі беларускай літаратуры: праблема параметра “прастора”, праблема перыядызацыі, праблема паняцця літаратуры, праблема літаратурных інстытуцый. У рамках круглага стала ў дыскусійным рэчышчы разглядалася пытанне пра карэктнасць фармулёўкі: “Гісторыя беларускай літаратуры” ці “Гісторыя літаратуры Беларусі?”. У той самы дзень перад удзельнікамі семінара выступіла прафесар Ольдэнбургскага ўніверсітэта Сабіна Дзёрынг, якая тэзісна прадставіла гісторыю надання Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры, звярнуўшы асаблівую ўвагу на тое, як змяняліся крытэрыі адбору на працягу ўсяго перыяду існавання прэміі. Зразумела, што дыскусія пасля даклада сканцэнтравалася на постаці апошняй Нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч.

         У трэці дзень прафесар Райнер Грубель (Ольдэнбург) выступіў з дакладам “Праблемы і перспектывы сучаснай літаратурнай гістарыяграфіі”; Інга Бёрнэр (Вена) прадставіў новыя тэхналогіі ў галіне сецевых графікаў і дыяграм, што прадставіла новыя перспектывы візуалізацыі праекта. Напрыканцы семінара адбылася папярэдняя прэзентацыя мадэлі “Гісторыі літаратуры Беларусі” (Г.-Б. Колер і П. Навуменка), а таксама кароткія прэзентацыі ўсіх дакладчыкаў, аўтараў будучай “Гісторыі”.

         На працягу ўсіх трох дзён ішло актыўнае дыскутаванне асноўных праблем, звязаных з рэалізацыяй запланаванага праекта. Аднак прынцыпова была выпрацавана арыентацыя на мадэль “культурнай прасторы” (Kulturraum), выпрацаванай у сучаснай нямецкай гуманістыцы. Паняцце “культурнай прасторы” дазволіць пазбегнуць непатрэбных ідэнтыфікацыйных непаразуменняў як у дачыненні да гетэрагеннай і шматмоўнай літаратуры перыяду Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, так і ў дачыненні да літаратуры ХХ ст., у полі якой прадстаўлены самыя розныя зоны з дастаткова высокай ступенню аўтаномнасці і інстытуцыянаванасці (напрыклад, літаратура Заходняй Беларусі 20-30-х гадоў ХХ ст.).